Дзяржынцы прынялі ўдзел у фестывалі гістарычных рэканструкцый, культуры і музыкі «Нясвіжская фартэцыя»

Дзяржынцы прынялі ўдзел у фестывалі гістарычных рэканструкцый, культуры і музыкі «Нясвіжская фартэцыя»

Фестываль гістарычных рэканструкцый, культуры і музыкі «Нясвіжская фартэцыя» паспяхова дэбютаваў у мінулым годзе і сёлета ізноў запрасіў аматараў даўніны да старажытнага радзівілаўскага палаца. Самабытнае відовішчнае свята прывабіла шмат удзельнікаў і гасцей.

Насычаная праграма прапаноўвала наведвальнікам разнастайныя прадстаўленні, гульні, забавы і пачастункі на любы густ! Конны рыцарскі турнір, манеўры, сабельныя бойкі, ваярскія спаборніцтвы і паказальныя паядынкі – старонкі ваеннай гісторыі маляўніча і захапляюча паўставалі перад гледачамі.

Вялікая экспазіцыя «Партал часу», якую ладзілі раёны Міншчыны, увасабляючы розныя эпохі мінулага нашай краіны, таксама запрашала гасцей фестывалю ў цікавае падарожжа. Адмысловыя лакацыі Дзяржынскага раёна, падрыхтаваныя работнікамі бібліятэчнай сістэмы, гісторыка-краязнаўчага музея і раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прадстаўлялі творчую візуалізацыю XIV-XV стагоддзяў.

Вабіў пакупнікоў і цікаўных вялікі рамесніцкі кірмаш, на якім вельмі добрым попытам карысталіся вырабы нашых таленавітых землякоў, майстроў аматарскага аб’яднання «Калаўрот».

Шмат увагі прыцягнуў кулінарны конкурс «Смак геральдыкі». Паводле яго умоў, кожны раён павінен быў за паўтары гадзіны стварыць з прадуктаў харчавання выяву свайго герба і цікава прэзентаваць свой шэдэўр. Атрымалася вельмі ярка і смачна ва ўсіх! Гонар Дзяржыншчыны ў гэтым спаборніцтве годна абаранілі Інга і Аляксандр Станкевічы разам са старэйшым сынам Раманам.

Вечаровую канцэртную праграму ўпрыгожылі выступленні аматарскіх калектываў Міншчыны, сярод якіх ярка блісталі выступленні Заслужанага ансамбля старажытнай музыкі «Пастараль» Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў, народнай студыі эстраднай песні «Апрель» і народнага эстраднага ансамблю «New Talents» Дзяржынскага гарадскога Дома культуры.